НАРО́ДНЫЯ МУЗЫКА́НТЫ,

народныя выканаўцы-інструменталісты. Вядомы ва ўсіх народаў свету. На Беларусі маюць розныя назвы: збіральныя — музыкі, скамарохі (на Магілёўшчыне), «вясёлыя людзі» (вясельныя музыканты на Гродзеншчыне), у якіх адлюстравана грамадская функцыя Н.м., і канкрэтныя — скрыпач, дудар, цымбаліст, гарманіст, барабаншчык і інш. ад назвы муз. інструмента. Вылучаюцца прафесіяналы і аматары. Н.м.-прафесіяналы абслугоўваюць звычайна вяселлі, хрэсьбіны, бяседы, танцы, ігрышчы; раней суправаджалі і паказы нар. т-ра батлейка, ігралі на кірмашах (лірнікі). Н.м.-аматары музіцыруюць для ўласнай забавы. Асобную групу складаюць пастухі, паляўнічыя (у мінулым і вартаўнікі, званары), дзейнасць якіх мае прыкладное значэнне (у народзе музыкантамі іх не лічаць, а іх інструменты — трубу, рог, дудку, трашчотку, звон — да ўласна муз. інструментаў не адносяць). Мастацтва ігры Н.м. пераймаюць па традыцыі ў сям’і (на Беларусі шмат патомных музыкантаў), спасцігаюць самавукам (нар. вызначэнне — «прыродныя музыкі») або ў славутых нар. музыкантаў-«майстроў» (некат. з іх, напр. А.​Свірыдовіч з в. Малая Ганута Чэрвеньскага р-на, стварылі свае мясц. выканальніцкія нар. школы). Часта Н.м. валодаюць некалькімі муз. інструментамі, спалучаюць выканальніцтва з іх вырабам. На Беларусі Н.м. ў асн. мужчыны, але ў апошнія дзесяцігоддзі павялічваецца колькасць музыкантаў-жанчын. Дзейнасць Н.м. спрадвеку звязана з рознымі праявамі жыцця бел. вёскі, пра што сведчаць многія нар. песні, казкі, паданні.

Сярод сучасных Н.м. шмат таленавітых салістаў і ансамблістаў, у т. л. гарманісты К.​Зяброў (в. Краснае, Мсціслаўскі р-н), М.​Рабіза (г.п. Варапаева, Пастаўскі р-н), А.​Свірыдовіч (в. Аляксандраўка, Чэрвеньскі р-н), дудачнікі М.​Глушань (пас. Карчаватка, Жыткавіцкі р-н), В.​Пратасевіч (г. Узда), В Швед (в. Глушкавічы, Лельчыцкі р-н), скрыпачы А.​Высоцкі і А.​Лось (в. Пярэбнавічы, Смаргонскі р-н), М.​Ляшчынскі (г.п. Лельчыцы), С.​Маленчык (г. Шчучын), М.​Тысевіч (в. Аброва, Івацэвіцкі р-н), скрыпач і кларнетыст М.​Семянчук (в. Гарадзец, Столінскі р-н), цымбалісты М.​Мірон (в. Дзягільна, Дзяржынскі р-н), Л.​Мелец (в. Пожарцы, Пастаўскі р-н), І.​Шульга (в. Пярэбнавічы), барабаншчыца К.​Шэкун (в. Усполле, Мсціслаўскі р-н), выканаўцы на пішчыку І.​Піцуха (в. Сіманавічы, Драгічынскі р-н) і парных дудках І.​Мураўёў (в. Ластрыгіна, Мсціслаўскі р-н). Іх мастацтва вывучаецца, прапагандуецца ў тэле- і радыёперадачах, этнагр. кіна- і тэлефільмах.

Літ.:

Никифоровский Н.Я. Очерки Витебской Белоруссии. [Ч.] 2. Дудар и Музыка // Этногр. обозрение. 1892. Кн. 13—14, № 2—3;

Назіна І.​Дз. Беларускія народныя музычныя інструменты. Мн., 1997.

І.​Дз.​Назіна.

Да арт. Народныя музыканты. Майстар і выканаўца на дудцы В.​С.​Пратасевіч (злева); выканаўца на акардэоне і язычковай дудцы А.​А.​Высоцкі.

т. 11, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)